Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. самі, саміх; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці. Суднік. // Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы. Колас. [Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках. Асіпенка. // Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся. Скрыган. / У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу... Чарот.

2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы. Купала. // Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Крапіва. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Колас.

3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры. Купала.

4. у знач. наз. сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж. Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька. Сяркоў. [Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была... Зарэцкі.

5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя. Глебка. Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць! Самуйлёнак.

6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. Колас.

•••

Сам вялікі гл. вялікі.

Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.

Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу. Чорны.

Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.

Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі. Бажко. Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам. Карпюк.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не гам і другому не дам гл. гам ​2.

Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Крапіва.

Сам (сама, само, самі) па сабе — а) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала. Зарэцкі. Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся. Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе. Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам. Машара.

Сам праз сябе — самастойна.

Сам (сама, само, самі) сабе — а) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе. Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў. Сабаленка.

Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.

Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.

Сам (сама, само, самі) сабою — а) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Янкоўскі. Шчасце не прыйшло само сабой. Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату. Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой. Куляшоў.

Сам чорт галаву (нагу) зломіць гл. чорт.

Сам чорт не брат каму гл. брат.

са́ма, часціца.

1. Ужываецца ў спалучэнні з якаснымі прыслоўямі для абазначэння найвышэйшай ступені. Як ні разважала [Хадоська], усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца. Мележ. [Засуліч:] — Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Зарэцкі. [Сусед] заўсёды, чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, сама меней мела гадоў сто. Дамашэвіч.

2. У спалучэнні з дзеясловамі выражае самы пачатак чаго‑н., якога‑н. дзеяння. Прыцемак сама што пачынаў ахінаць горад. Васілёнак. Цяпер.. [зайцы] маладыя, сама пачынаюць гарцаваць надвячоркамі. Кулакоўскі. // У канструкцыях, якія паказваюць, што толькі пачатае дзеянне сутыкнулася з сустрэчным. Сама што я заснуў, а мяне пабудзілі. □ Але сама што.. [Магдалена] намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы. Чорны.

3. У канструкцыях са значэннем: у самую пару, у самы раз, у гэты час, якраз цяпер. Над полем узлятае чародка шпакоў. Яны цяпер сама жыруюць. Навуменка. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч.

сама...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) накіраванасць дзеяння (названага ў другой частцы) на самога сябе, напрыклад: самаадукацыя, самааналіз, самакантроль; 2) здзяйсненне, працяканне дзеяння; а) само сабой, адвольна, без пабочнай дапамогі, напрыклад: самазагаранне, самаразбурэнне, самазараджэнне; б) аўтаматычна або механічна, напрыклад: самадзелка, самазарадны.

самаабагачэ́нне, ‑я, н.

Абагачэнне самога сябе, саміх сябе; уласнае абагачэнне.

самаабаграва́нне, ‑я, н.

Абаграванне самога сябе, саміх сябе ўнутраным цяплом.

самаабажа́нне, ‑я, н.

Абажанне самога сябе; захапленне самім сабою, сваёю асобай.

самаабаро́на, ‑ы, ж.

1. Абарона ўласнымі сіламі; абарона самога сябе ад небяспекі. Вялічка быў моцны чалавек і валодаў тэхнікай самаабароны. Машара.

2. Абарона краіны сіламі і сродкамі самога насельніцтва разам з абаронай сіламі дзяржавы. У першыя дні вайны ў Прылуках дзейнічалі атрады самаабароны на чале з сакратаром райкома партыі Сафроненкам. Жычка.

самаабвінава́чанне, ‑я, н.

Абвінавачанне, якое прад’яўляецца самому сабе.

самаабвінава́чванне, ‑я, н.

Тое, што і самаабвінавачанне.

самаабклада́нне, ‑я, н.

Дабравольны збор сродкаў на мясцовыя грамадскія патрэбы, вызначаны самім насельніцтвам, калектывам.