са́жа, ‑ы, ж.
1. Прадукт няпоўнага згарання паліва, які чорным налётам асядае ў комінах, дымаходах і пад. Наталля стаяла ля печы, выцірала фартухом запэцканы сажаю нос і была нейкая безуважная. Сіўцоў.
2. Абл. Хвароба хлебных злакаў. Шаманскі крануўся абвугленага коласа рукою і на пальцах асталася ліпкая тлустая сажа. Дуброўскі.
•••
Галандская сажа — чорная фарба, якая выкарыстоўваецца ў жывапісе, паліграфіі і пад.
са́жалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Штучны вадаём. Сажалка, дзе плавалі качкі, пачала высыхаць, вада памутнела, патыхала тванню. Хомчанка.
2. Садок для рыбы. У.. [Вашамірскага] быў добра агледжаны садок, рыбная сажалка, некалькі калод пчол, гарод, канюшына і кавалак сенакосу. Бядуля.
са́жалкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сажалкі. Сажалкавая рыбная гаспадарка.
са́жань, ‑жня, м.
1. Старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. І сад развінуўся, ліствою багаты, На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.
2. Паверхня чаго‑н. або колькасць якога‑н. матэрыялу, роўныя гэтай меры (пагоннай, квадратнай або кубічнай). Сажань зямлі. Сажань дроў. □ Прабегшы некалькі дзесяткаў сажняў краем даліны, крынічка зноў хавалася ў зямлю. Колас. І Ларывон Масеевіч прыгадвае, як сажнямі ставіў некалі дровы, як цягаў двуручную пілу. Мяжэвіч.
3. Прылада для абмервання зямельных участкаў. З драўлянымі сажнямі хадзілі натоўпы сялян і парабкаў па панскіх палях. Броўка. Вось з рагатым сажнем ідзе калгасны брыгадзір, які намяраў касцом працадні. Шкраба.
•••
Бачыць на тры сажні пад зямлёю гл. бачыць.
Касы сажань у плячах — шыракаплечы, магутнага складу (пра чалавека). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажань у плячах. Волат. Мяжэвіч.
Сажнем носа не дастаць — тое, што і крукам (шастом) носа не дастаць (гл. дастаць). Ледзь апякунства выкарміць яго, Глядзі, і сажнем не дастанеш носа. Ляпёшкін.
У касы сажань ростам — пра рослага, высокага чалавека.
сажму́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да сажмурыцца.
сажму́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сажмурыць.
сажму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Абл. Прыжмурыцца. Яраш хітра сажмурыўся: — Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы? Шамякін.
сажму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Прыжмурыць вочы. Крушынскі хацеў сажмурыць .. [пагранічнікам] вока ў знак сяброўства. Бядуля.
сажнёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сажня. Сажнёвыя меры. Сажнёвы стос дроў. // Разм. Вельмі вялікі (высокі, доўгі і пад.). Сажнёвыя крокі. □ Я нясмела накіраваўся да старасты. Той паглядзеў на мяне з вышыні свайго сажнёвага росту. Асіпенка.
сажо́нкі, ‑нак; адз. няма.
Стыль плавання з папераменным выкідваннем уперад то адной, то другой рукі. [Зося] лёгка плыла,.. клалася на спіну, а то ўзмахвала рукамі і плыла сажонкамі. Дуброўскі.