Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саю́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў. Саюз рабочых і сялян. □ Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Чорны. Настаўніца глядзела паверх галоў дзяцей і думала: якую яна дапусціла памылку і як цяпер устанавіць саюз між навічком і класам. Сіняўскі. / Пра шлюб. Сямейны саюз.

2. ‑у. Пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў. Ваенны саюз. Гандлёвы саюз.

3. ‑у. Аб’яднанне ў адно цэлае некалькіх зямель, плямён і пад. з агульнай уладай. Саюз гарадоў. Саюз плямён.

4. ‑а. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прафесіянальны саюз. Саюз архітэктараў БССР. □ Прыехала.. [Паранька] ў вобласць і заяўляецца ў спажывецкі саюз. Да самага высокага начальніка. Ракітны. — Трэба ў раённы саюз паляўнічых пазваніць, — сказаў.. [старшыня]. Якімовіч.

•••

Герой Савецкага Саюза гл. герой.

саюз...,

Першая частка складаных слоў (назваў устаноў, арганізацый і пад.), якая адпавядае па значэнню словам «саюзны», «агульнасаюзны», напрыклад: саюздрук.

саю́зіць, саюжу, саюзіш, саюзіць; незак., што.

Абшываць саюзкамі.

саю́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Скураная нашыўка (насок і пад’ём у боце) ці наогул пярэдняя частка загатоўкі чаравіка. Вось тут, між акном і сталом, стаяла швейная машына. На ёй.. [Мірон] шыў боты — прышываў перады да халяў, саюзкі... Кудравец.

саю́зна-рэспубліка́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляе кіраўніцтва асобнай галіной дзяржаўнага кіравання міністэрствам Савецкага Саюза праз міністэрства саюзных рэспублік.

саю́знік, ‑а, м.

1. Той, хто дзейнічае з кім‑, чым‑н. у саюзе (у 1 знач.). Гэта было найцяплейшае месца ў хаце, асабліва для тых, у каго ў такі час быў надзейны саюзнік — бабуля. Брыль. // перан. Тое, што садзейнічае, дапамагае каму‑, чаму‑н. Відаць, шторм быў добрым саюзнікам параходнай кампаніі, даваў ёй значную эканомію на харчаванні пасажыраў. Лынькоў. Добрае надвор’е — саюзнік студэнтаў. Навуменка.

2. Той, хто знаходзіцца ў саюзе (у 2 знач.) з кім‑н. [Брыль:] — [Саюз рабочага класа з сялянствам] абараніў нас ад навалы белых армій і іх саюзнікаў, замежнай буржуазіі, што ў смертнай схватцы прабавала задушыць нас. Колас.

саю́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да саюзнік.

саю́зніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саюзніка. Саюзніцкія войскі. Саюзніцкі дагавор. □ Хоць бы дымок на гарызонце, ветразь. Хай бы саюзніцкага карабля Нам мачта паказалася здаля. Зарыцкі.

саю́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саюза, саюзу (у 2, 3 і 4 знач.). Саюзная армія. Саюзны бюджэт. □ Камсамолец Віктар ведае добра свае саюзныя абавязкі. Зарэцкі. // Які ўваходзіць у саюз, знаходзіцца ў саюзе. Саюзныя рэспублікі.