Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саха́, ‑і, ДМ сасе; мн. сохі, сох; ж.

1. Прымітыўная драўляная сельскагаспадарчая прылада для ворыва. Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас. Сохі і драўляныя бараны пайшлі ў архіў. Чорны.

2. Гіст. Адзінка падатковага абкладання ў Расіі ў 13–17 стст.

3. Слуп з развілкай на канцы, які ўжываецца пры будаўніцтве чаго‑н. як апора. Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. Уся.. [клуня], разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. Колас.

4. Рогі лася. І раптам — [лось] сохі выкінуў свае. Гаўрусёў.

сахары́н, ‑у, м.

Белае крышталічнае вельмі салодкае рэчыва; сурагат цукру. [Людміла Лаўраўна] туга пакавала сваю сумку здабытым таварам, клала зверху колькі пачак запалак, іголкі, сахарын. Якімовіч. Віцю напаілі чаем з сахарынам, абагрэлі пасля дарогі і паклалі спаць на тапчан. Нядзведскі.

сахары́на, ‑ы, ж.

Тое, што і сахарын. Сора Гілерава не носіць болей сахарыны па вёсках. Лынькоў.

сахары́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сахарыну. Сахарынавы парашок.

саха́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З галінастымі рагамі, рагаты. Пазірае сахаты алень. Пажадаць нам удачы выбег. Барадулін.

2. у знач. наз. саха́ты, ‑ага, м. Лось. Падрастай, сахаты, падрастай! Для тваіх паслуг я, твой і гай, І палонка гэта — вадапой, І пад снегам твой пушысты мох... Бялевіч.

саха́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Мяса сахатага (у 2 знач.). Увечары мы гасцілі ў Толіка. Люда, — гаспадыня, Толікава нявеста, — частавала, нас смачнай вячэрай: юшкай са сцерлядзі і сахацінай. «Маладосць».

саха́ч, ‑а, м.

Разм. Тое, што і сахаты (у 2 знач.). На кволым снезе, быццам на планшэце, Праклаў сахач пункцір да хмызняку. Лукша.

сахо́р, ‑хара, м.

Жалезныя вілы для накідвання гною. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць... Прыедзе стары — воз не давершаны. Крапіва. Бывала, накідае мой бацька воз гною, уваткне сахор у гной, пасадзіць мяне, бо дома не было з кім пакінуць, і едзе на сваю палоску кіламетры за чатыры. Кулакоўскі.