Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сан, ‑у, м.

1. Званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі. Сан пасла. Царскі сан. Баярскі сан. // Становішча, якое займае хто‑н. Не знаў я пры знаёмстве нашым, які твой [Хурсан] чын, які твой сан. Аўрамчык. / у іран. ужыв. У найвышэйшым сапе Быў дзядзька-прастарэка. Бывала, як прыстане — Уморыць чалавека. Вітка.

2. Званне духоўнай асобы, служыцеля культу. [Аляксей:] — Паказвае [поп] — ты, хлопча, мяне акуратненька гэтак падрэж патроху, паціху, каб сану не парушыць. Чыгрынаў. — Грашыць не будзе [поп], Не дазволіць сан яму святы... Бялевіч. [Лазавік:] — А вы не з духоўных асоб? [Галавеня:] — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану. Хомчанка.

сан...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «санітарны», напрыклад: санкамісія, санбат, санапрацоўка, санурач, санінспектар.

санаві́тасць, ‑і, ж.

Уст. Уласцівасць санавітага. Берлін з яго самазадаволенасцю і санавітасцю.. пакідае ўражанне чагосьці казённага, вымуштраванага... Рамановіч.

санаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае высокі чын, сан. І пад’ехаў князь той сакавіты, Серабром і золатам расшыты, Зіхаціць, як ясная зара. Бялевіч. [Валуеў] любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва, калі слухаюць санавітыя людзі. Караткевіч.

2. Паважны; важны з выгляду. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека. Чорны. // Які ўласцівы такому чалавеку. Людзі ходзяць урачыста. У святочных строях, А з павагай, з сакавітай, — Ходзяць, як героі. Купала.

сана́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Зычны гук, пры ўтварэнні якога голас пераважае пад шумам.

2. Складаўтваральны гук; проціл. кансанант.

[Ад лац. sonans, sonantis — які гучыць.]

санапрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Санітарныя апрацоўка каго‑, чаго‑н. [Оля] непрыкметна выйшла і, азірнуўшыся, кінулася да лесвіцы, што вяла ўніз, к пакоям, дзе раненыя праходзілі санапрацоўку. Мележ.

санары́н, ‑у, м.

Лекавы прэпарат, які дзейнічае як сасудазвужальны сродак.

санасве́та, ‑ы, ДМ ‑веце, ж.

Санітарныя асвета — папулярызацыя санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, распаўсюджанне медыцынскіх ведаў і ведаў па гігіене сярод, насельніцтва.

сана́та, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

Музычны твор з трох або чатырох частак, розных па свайму характару і тэмпу, адна з якіх мае форму санатнага алегра. Санаты Бетховена.

[Іт. sonata.]

сана́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да санаты; у форме санаты. Санатнае алегра. □ Пабочная партыя, як заўсёды ў санатных формах твораў Р. Пукста, не столькі развітая, колькі працяглая. Дубкова.