саю́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў. Саюз рабочых і сялян. □ Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Чорны. Настаўніца глядзела паверх галоў дзяцей і думала: якую яна дапусціла памылку і як цяпер устанавіць саюз між навічком і класам. Сіняўскі. / Пра шлюб. Сямейны саюз.

2. ‑у. Пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў. Ваенны саюз. Гандлёвы саюз.

3. ‑у. Аб’яднанне ў адно цэлае некалькіх зямель, плямён і пад. з агульнай уладай. Саюз гарадоў. Саюз плямён.

4. ‑а. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прафесіянальны саюз. Саюз архітэктараў БССР. □ Прыехала.. [Паранька] ў вобласць і заяўляецца ў спажывецкі саюз. Да самага высокага начальніка. Ракітны. — Трэба ў раённы саюз паляўнічых пазваніць, — сказаў.. [старшыня]. Якімовіч.

•••

Герой Савецкага Саюза гл. герой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)