сашчапіцца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.
2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)