сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.

Разм.

1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.

2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)