сашчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Злучыць, змацаваць адно з адным пры дапамозе сашчэпак, клямараў і пад. Сашчапіць паперы. Сашчапіць вагоны. □ [Анікей] сашчэпіць.. [лодкі] цугам, выедзе на раку і ўхопіцца за якую-небудзь баржу, што ідзе на Васілі... Ракітны. // Злучыць разам, сплятаючы (рукі, пальцы). Лёня падняў дзве рукі над галавой, сашчапіў іх і тым самым паказаў, што вітае.. [спявачку]. Сабаленка. Потым.. [капітан] паклаў рукі на стол, зроблены з жэрдак, сашчапіў пальцы. Асіпенка. Чарэнда сашчапіў кулак, чамусьці доўга глядзеў на яго, быццам вывучаў, пасля пацёр кончыкамі пальцаў сваю поўную шчаку і.. сарамліва ўсміхнуўся. Чыгрынаў. // Моцна сціснуць (зубы). Падышоўшы да Наздрэйкавай хаты, .. [Сомік] сашчапіў зубы і кінуўся да акна. Крапіва.
2. Заціснуць, моцна трымаючы што‑н. [Іра] ўзяла і сашчапіла паперку ў кулаку — пэўна, дзеля канспірацыі. Марціновіч.
3. Разм. Сшыць на скорую руку, наспех. — Ідзі, — дазваляе маці. — А я яшчэ пашыю. Да адвячорка яшчэ паспею сашчапіць Ігналю сарочку. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)