Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аб’е́сці, аб’ем, аб’ясі аб’есць; аб’ядзім, аб’ясце, аб’ядуць; заг. аб’еш; зак., каго-што.

1. Абкусаць, абгрызці што‑н. Вусень аб’еў капусту.

2. Разм. Многа ці часта едучы, прычыніць страту каму‑н. [Хадкевіч:] — Яна [Галя] нас не аб’есць... А без яе будзе зусім пуста ў хаце. Васілевіч.

•••

Вушы аб’есці; з вушамі аб’есці — пра ўтрыманне каго‑н. пражэрлівага, але малакарыснага.

аб’е́сціся, аб’емся, аб’ясіся, аб’есца; аб’ядзімся, аб’ясцеся, аб’ядуцца; заг. аб’ешся; зак.

З’есці лішняе, пераесці.

•••

Блёкату аб’есціся — здурнець.

аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.

1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.

2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.

3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.

4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.

5. перан. Схуднець.

•••

На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.

Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.

аб’ём, ‑у, м.

1. Велічыня прадмета, выражаная ў кубічных адзінках. Аб’ём геаметрычнага цела. Аб’ём каўша — 0,6 кубаметра. Аб’ём грудной клеткі.

2. перан. Змест чаго‑н. з пункту гледжання памераў, саставу, колькасці і пад. Па аб’ёму матэрыял быў пасільны для вучняў. Аб’ём работ. Аб’ём вытворчасці. Аб’ём патрабаванняў.

аб’ёмісты, ‑ая, ‑ае.

Вялікі аб’ёмам. Гэта быў даволі аб’ёмісты рукапіс, два гады пісаны. Брыль.

аб’ёмнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аб’ёмнага. Аб’ёмнасць абмалёўкі. Аб’ёмнасць прадметаў.

аб’ёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да аб’ёму (у 1 знач.). Аб’ёмнае вымярэнне. Аб’ёмны аналіз. // Які мае трохмерныя паказчыкі. Аб’ёмнае кіно. □ Асабліва яркае ўвасабленне калгасная тэматыка атрымала ў творах круглай аб’ёмнай скульптуры. «Беларусь».

2. Вялікага аб’ёму, памеру. Аб’ёмны твор.

аб’і́нелы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты інеем. Аб’інелае дрэва.

аб’і́нець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Пакрыцца інеем з усіх бакоў. Усё наўкола аб’інела — хаты, платы, дрэвы. Пташнікаў.

аб’і́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аб’інець.