аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.

1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.

2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.

3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.

4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.

5. перан. Схуднець.

•••

На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.

Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)