аблама́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абламаць.
аблама́цца, ‑ломіцца; зак.
1. Ломячыся, аддзяліцца, адваліцца. Галіна абламалася.
2. Разм. Пад уздзеяннем асяроддзя набыць навыкі культурнага абыходжання. Дзе кухталём, дзе за касу, а дзе анучай — усё настаўляла яе [дачку], пакуль трохі каля людзей абламалася. Ермаловіч.
3. Паддацца чыім‑н. угаворам, націску і пад. Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з генералам» подзвігі. Быкаў.
аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
аблана́, нескл., м.
Абласны аддзел народнай асветы.
абла́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Абшукаць, абмацаць. Аблапаўшы рукамі ўсе кішэні і не знайшоўшы нічога, Васіль выцягнуў са штаноў папружку. Сачанка.
абла́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.
Разм. Абхапіць лапамі. Мядзведзь аблапіў калоду. // Абняць рукамі.
абла́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аблапіць.
аблапо́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аблапошыць.
аблапо́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Разм. груб. Абмануць з карыслівай мэтай; абдурыць, абабраць (у 2 знач.). [Хмара:] — Месяцы два назад нам удалося аблапошыць нямецкую агентуру. Шашкоў.
абласны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да вобласці (у 1 знач.), належыць ёй. Абласны Савет народных дэпутатаў. Абласная канферэнцыя. Абласны цэнтр. Абласны суд.
2. Уласцівы якой‑н. мясцовасці, распаўсюджаны ў якой‑н. вобласці; дыялектны. Абласное слова. Абласны слоўнік.