абламаць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.

1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. ▪ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. ▪ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.

•••

Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.

Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)