Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абве́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абверг, ‑ла; зак., што.

Выказаць нязгоду з якімі‑н. сцверджаннямі, чуткамі, даказаўшы іх непраўдзівасць. [Язэп] адчуваў, што Шугай гаворыць нешта зусім не тое, пра што павінна ісці размова, але не мог знайсці слоў, каб абвергнуць гэтыя бязглуздыя вывады. Асіпенка.

абве́рчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абвярцець.

абве́рчвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абверчваць.

абве́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абвярцець.

абве́сіцца, ‑вешуся, ‑весішся, ‑весіцца; зак.

1. Тое, што і абвіснуць.

2. Тое, што і абвешацца.

абве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., каго-што.

1. Апусціць уніз, не могучы ўтрымаць. Дрэва пад цяжарам яблыкаў абвесіла галіны.

2. Тое, што і абвешаць.

абве́сны,

У выразе: абвесны лад гл. лад.

абве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і аб’ява. Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны.

•••

Абвестка дня — тое, што і парадак дня (гл. парадак).

абве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. абвёў, ‑вяла, ‑вяло; зак.

1. каго-што. Правесці каго‑н. вакол чаго‑н. // Правесці кружным шляхам, мінуўшы што‑н. // У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.

2. каго-што і без дап. Правесці чым‑н. вакол чаго‑н., зрабіць кругавы рух. Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.

3. Водзячы каго‑н., пабыць у многіх месцах. Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.

4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што‑н. чым‑н. Шляхі і крыніцы, Нават сны, як гарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.

5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам. Абвесці сад агароджай.

6. што. Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі. Абвесці рамкай тэкст. // Прачарціць па намечаных контурах. Абвесці узор чарнілам.

7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць. Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.

•••

Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць. [Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.

Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго‑, што‑н. — агледзець. Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.

абве́тралы, ‑ая, ‑ае.

Абсохлы (прасохлы) на ветры.