абвесці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. абвёў, ‑вяла, ‑вяло; зак.
1. каго-што. Правесці каго‑н. вакол чаго‑н. // Правесці кружным шляхам, мінуўшы што‑н. // У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.
2. каго-што і без дап. Правесці чым‑н. вакол чаго‑н., зрабіць кругавы рух. Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.
3. Водзячы каго‑н., пабыць у многіх месцах. Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.
4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што‑н. чым‑н. Шляхі і крыніцы, Нават сны, як гарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.
5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам. Абвесці сад агароджай.
6. што. Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі. Абвесці рамкай тэкст. // Прачарціць па намечаных контурах. Абвесці узор чарнілам.
7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць. Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.
•••
Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць. [Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.
Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго‑, што‑н. — агледзець. Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.