абсталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.
1. Набыць усё неабходнае для жылля (мэблю, хатнія рэчы і пад.). Абсталяваліся — люба паглядзець. Адно, замест крэслаў, стаялі ля сцен лаўкі на бярозавых калках. Асіпенка.
2. Спыніцца, пасяліцца дзе‑н. надоўга, назаўсёды. Бумажковы абсталяваліся жыць у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Куляшова, Чарняўскага сельсавета. Чорны.
абсталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
Забяспечыць патрэбным абсталяваннем — інструментамі, прыладамі, механізмамі; прыстасаваць для чаго‑н., пад што‑н. Школа абсталявала майстэрні, фізічны і хімічны кабінет. □ Моладзь абсталявала залу для спектакляў. Самі зрабілі сцэну, прыбудавалі касірскую будку. Чарнышэвіч. // Набыць абстаноўку; мэбляваць. Нарэшце працавіты гаспадар абсталяваў сваю кватэру, Набыў карціны, дываны, парцьеры. Корбан. // Арганізаваць, зрабіць што‑н. Друкарню абсталявалі ў невялічкім драўляным аднапавярховым доме ў кватэры Міхала Воранава. Гурскі. Але калі зайшла гаворка, дзе абсталяваць радыёпункты ў трактарных брыгадах, прыйшлося задумацца. Хадкевіч.
абстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Мэбля, якой абстаўлена памяшканне. Два сталы, пісьмовы і звычайны, таксама работы калгасных майстроў, ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. // Дэкаратыўная і бутафорская частка спектакля.
2. Сукупнасць умоў, акалічнасцей, у якіх што‑н. адбываецца; абставіны. Міжнародная абстаноўка. Ахарактарызаваць абстаноўку. У абстаноўцы міру і дружбы. □ У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць. Колас. // Становішча на месцы ваенных дзеянняў, абумоўленае суадносінамі баявых сіл, іх размяшчэннем і характарам мясцовасці. Баявая абстаноўка. □ І камісар, не марудзячы ні хвіліны, накіраваў чалавека дагнаць атрад, паведаміць абстаноўку. Шамякін.
абста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абставіць.
абстаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да абставіцца.
2. Зал. да абстаўляць.
абстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да абставіць.
абста́ць, ‑станем, ‑станеце, ‑стануць; зак., каго-што.
Абступіць з усіх бакоў, акружыць. Гімназісткі абсталі воз, і кожная.. пыталася ў хлапчука, чаго ён плача. Мурашка.
абсто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Заступацца за каго‑, што‑н.; абараняць.
абстрагава́насць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць абстрагаванага. Абстрагаванасць мастацкага вобраза.
абстрагава́нне, ‑я, н.
Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абстрагаваць, абстрагавацца.