абста́ць, ‑станем, ‑станеце, ‑стануць; зак., каго-што.
Абступіць з усіх бакоў, акружыць. Гімназісткі абсталі воз, і кожная.. пыталася ў хлапчука, чаго ён плача. Мурашка.
абсто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Заступацца за каго‑, што‑н.; абараняць.
абстрагава́насць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць абстрагаванага. Абстрагаванасць мастацкага вобраза.
абстрагава́нне, ‑я, н.
Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абстрагаваць, абстрагавацца.
абстрагава́ны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абстрагаваць.
2. у знач. прым. Мысленна адарваны ад тых ці іншых уласцівасцей ці сувязей з’яў, прадметаў. Абстрагаваныя паэтычныя формулы.
абстрагава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак. і незак.
Кніжн.
1. ад чаго. У думках адарвацца (адрывацца) ад тых ці іншых уласцівасцей ці сувязей з’яў, прадметаў з мэтай выдзеліць найбольш істотныя і заканамерныя іх прыкметы. Абстрагавацца ад заканамернасцей індывідуальнага развіцця.
2. толькі незак. Зал. да абстрагаваць.
абстрагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак. і незак., што.
Кніжн. Выдзеліць (выдзяляць) найбольш істотныя, заканамерныя прыкметы і сувязі прадмета шляхам мысленнага аддзялення ад мноства іншых, неістотных яго уласцівасцей, якасцей, сувязей. Абстрагаваць рысы характару героя.
абстра́ктнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць абстрактнага. Абстрактнасць мыслення.
абстра́ктны, ‑ая, ‑ае.
1. Адцягнены, атрыманы шляхам абстракцыі (у 1 знач.); проціл. канкрэтны. Абстрактныя паняцці. Абстрактныя вобразы. Абстрактная рэчаіснасць. Абстрактная ідэя. Абстрактная ісціна. Абстрактная форма. Абстрактная праца.
2. Заснаваны на абстракцыі; такі, які карыстаецца абстракцыяй. Абстрактны метад. Абстрактнае мастацтва. Абстрактнае мысленне. Абстрактны гуманізм.
абстра́кцыя, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Тое, што і абстрагаванне. Сіла абстракцыі. □ Маркс зводзіць тое агульнае, што заключаецца ў рэчах і адносінах, да яго найбольш абагуленага лагічнага выразу. Яго абстракцыя, значыцца, толькі адлюстроўвае ў форме мыслі той змест, які ўжо заключаецца ў рэчах. Энгельс.
2. Адцягненае паняцце, тэарэтычнае абагульненне. Аперыраваць абстракцыямі. Навуковая абстракцыя. Камуністычны ідэал не з’яўляецца абстракцыяй.
[Лац. abstractio — аддаленне, адцягненне.]