Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абмы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Спец. Ператварыць тлушч у мыла шляхам хімічнай рэакцыі.

абмы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Абл. Памылка. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю вялікаю прыйшоў на свет гэты чалавек. Колас. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік церні таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Гартны.

абмы́львацца, ‑ваецца; незак.

1. Незак. да абмыліць.

2. Зал. да абмыльваць.

абмы́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абмыліць.

абмы́сліць, ‑мыслю, ‑мысліш, ‑мысліць; зак., што.

Абдумаць, абмеркаваць, узважыць. І раптам.. [Максім Астапавіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. І ўсе так думаюць як ён, і нават бачаць тое, чаго ён сам рана не мог як трэба абмысліць. Чорны.

абмы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. да абмыць.

2. у знач. прым. Чысты, вымыты. Нарэшце зноў выбліснула сонца — абмытае, зыркае. Новікаў.

абмы́цца, ‑мыюся, ‑мыешся, ‑маецца; зак.

Змыць з сябе гразь, пыл і пад. // Зрабіцца чыстым ад уздзеяння вады, дажджу і пад. (аб прадметах). Зямелька ўся Ускалышацца, Дажджом яна Абмыецца. Колас.

абмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.

1. Змыць пыл, бруд і пад. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. Прыўзняла [Кацярына жанчыну], абмыла рану, Што чарнела над ілбом: Галаву яе старанна Абвязала фартухом. Броўка.

2. Памыць бялізну ўсім, многім. Абмыць сям’ю.

3. перан. Абдаць, ахінуць што‑н.; асвяжыць. Няхай прышчэпіць да ствала Мяне з сваёй галінай, Абмые ветрам і зарой Наднёманскай краіны. Танк. [Сумны:] Салдат хоча ў чыстай крыніцы паэзіі абмыць душу. Вітка.

4. перан. Разм. Адзначыць якую‑н. падзею выпіўкай. — Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.

абмяжо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абмежавацца.

2. Зал. да абмяжоўваць.

абмяжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абмежаваць.