абмыць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.

1. Змыць пыл, бруд і пад. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. Прыўзняла [Кацярына жанчыну], абмыла рану, Што чарнела над ілбом: Галаву яе старанна Абвязала фартухом. Броўка.

2. Памыць бялізну ўсім, многім. Абмыць сям’ю.

3. перан. Абдаць, ахінуць што‑н.; асвяжыць. Няхай прышчэпіць да ствала Мяне з сваёй галінай, Абмые ветрам і зарой Наднёманскай краіны. Танк. [Сумны:] Салдат хоча ў чыстай крыніцы паэзіі абмыць душу. Вітка.

4. перан. Разм. Адзначыць якую‑н. падзею выпіўкай. — Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)