абараня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Адбіваць напад праціўніка, ворага. Звычайна.. [янот] стараецца схавацца ў пару, але калі яго дагналі і ратунку няма, ён абараняецца мужна і заўзята. В. Вольскі. // Адстойваць свае інтарэсы, правы, погляды. Раптам зрабілася крыўдна, што на бюро.. [Андрэй] не абараняўся, як належыць камсамольскаму важаку. Асіпенка.
2. Зал. да абараняць.
абараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Адбіваць напад, засцерагаць ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. // Адстойваць чые‑н. інтарэсы, правы, погляды. Паэт, які з самага дзяцінства зведаў нягоды і пакуты сялянскага жыцця, рашуча абараняў прынцып дэмакратызму ў паэзіі. Шкраба. // Быць заслонай ад шкоднага дзеяння чаго‑н. Іх [эўкаліптаў] магутныя сцены абараняюць сады ад вятроў, яны азаніруюць паветра. Самуйлёнак.
2. Выступаць на судзе ў якасці абаронцы. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко.
3. На спецыяльным пасяджэнні дабівацца прызнання вартасці навуковай працы, дыпломнага праекта з мэтай атрымаць адпаведную кваліфікацыю. А калі Русаковіч абараняў дыплом, дык за яго хваляваўся не толькі Даніла Мікалаевіч, але і генерал. Паслядовіч.
абара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце, зак., што.
Узараць зямлю вакол чаго‑н. Абараць яблыню. Абараць участак лесу.
абарача́льнасць 1, ‑і, ж.
1. Спец. Перамяшчэнне транспартных сродкаў туды і назад, рух са зваротам да зыходнага месца за пэўны прамежак часу. Абарачальнасць вагонаў.
2. Праходжанне тавараў, грошай і пад. праз абарот (у 3 знач.). Абарачальнасць абаротных сродкаў.
абарача́льнасць 2, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць абарачальнага. Абарачальнасць хімічных рэакцый.
абарача́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Здольны вяртацца ў свой першапачатковы, зыходны стан. Абарачальныя працэсы. Абарачальныя рэакцыі.
абарача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да абярнуцца (у 4, 5 знач.).
абарача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абярнуць (у 4, 5 знач.).
абарачэ́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і абарот (у 1 знач.). Абарачэнне Зямлі вакол Сонца.
2. Тое, што і абарот (у 3 знач.). Пусціць у абарачэнне. Грашовае абарачэнне.
абарва́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абарваць (у 1–3, 6 знач.).
2. у знач. прым. Сарваны; пазбаўлены чаго‑н. Этажэрка з кнігамі — у трэцім куце. Старыя абарваныя шпалеры месцамі заклеены газетамі. Бядуля. // Разарваны, перарваны. Ледзь прычакаўся ён [Алёшка] ранняга вячэрняга змроку. Украдкам агледзеў канцы абарваных шнуроў. Лынькоў. // Апрануты ў ірванае адзенне. Убор дзявочы абарваны, Зблытаныя косы, У вочках толькі рдзяцца слёзы, Як улетку росы. Купала. // Спынены, перапынены. А я не помню Калыханкі гэтай, Вайной абарванай, Недапетай... Скарынкін.
абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.
2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.
3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.
•••
Сэрца абарвалася гл. сэрца.