абараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Адбіваць напад, засцерагаць ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. // Адстойваць чые‑н. інтарэсы, правы, погляды. Паэт, які з самага дзяцінства зведаў нягоды і пакуты сялянскага жыцця, рашуча абараняў прынцып дэмакратызму ў паэзіі. Шкраба. // Быць заслонай ад шкоднага дзеяння чаго‑н. Іх [эўкаліптаў] магутныя сцены абараняюць сады ад вятроў, яны азаніруюць паветра. Самуйлёнак.
2. Выступаць на судзе ў якасці абаронцы. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко.
3. На спецыяльным пасяджэнні дабівацца прызнання вартасці навуковай працы, дыпломнага праекта з мэтай атрымаць адпаведную кваліфікацыю. А калі Русаковіч абараняў дыплом, дык за яго хваляваўся не толькі Даніла Мікалаевіч, але і генерал. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)