Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абсне́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Пакрыцца снегам. Я буду разлівацца, ехаць, ехаць Па хвоях і па гурбах і па стрэхах... Абснежуся. Аб’інею. Прамокну. Бічэль-Загнетава.

абсо́рбцыя, ‑і, ж.

Паверхневае паглынанне, усмоктванне. Абсорбцыя газаў.

абсо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да абсунуцца.

абсо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсунуць.

абсо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў сухі. [Хлопец] падкаціў бліжэй да агню тоўстае абкоранае бервяно, выцягнутае з ракі і ўжо абсохлае. Шахавец.

абсо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абсох, ‑сохла; зак.

Зрабіцца сухім, высахнуць зверху. Зямля абсохла. На ветры вопратка хутка абсохла. □ [Раман] заўважыў на Асташонку мокрую кашулю і пацікавіўся: — Дзе гэта ты так выкупаўся, што яшчэ не абсох? Ваданосаў. // Высахнуць (пра вадкасць, што знаходзіцца на паверхні чаго‑н.). На аўсе яшчэ не абсохла раса. Крапіва.

•••

Малако на губах не абсохла гл. малако.

абсо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсачыць. Яны [Коля і яго знаёмы] удвух памеркаваліся заняць месцы далёка адзін ад аднаго, каб шырэй абсочваць мясцовасць. Чорны.

абста́віны, ‑він; адз. няма.

Сукупнасць умоў, пры якіх што‑н. адбываецца; абстаноўка (у 2 знач.). Жыццёвыя абставіны. □ Змяніліся абставіны, павінны змяніцца і спосабы барацьбы. Колас.

абста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

1. Паставіць што‑н. вакол сябе; абкружыць сябе чым‑н. Абставіцца крэсламі.

2. Абзавесціся, забяспечыць сваё жыллё мэбляй. У яго позірку [Кірыла] злавіў нешта падобнае на знявагу ці насмешку: «Сядзіш, пісака, у кабінеце? Бач, як абставіўся». Шамякін.

абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.

2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.

3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.

4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.