аблі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да аблічыцца.
2. Зал. да аблічваць.
аблі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аблічыць.
аблі́чча, ‑а, н.
1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.
2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.
3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.
аблічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
Памыліцца пры падліку; дрэнна палічыць.
аблічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.
1. Ашукаць пры падліку, даць менш, чым належыць. Аблічыць пакупніка.
2. Разм. Зрабіць падлік, палічыць што‑н. Дарогі, цёмныя дарогі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Колас.
абло́га, ‑і, ДМ, ‑лозе, ж.
1. Даўно не воранае поле, звычайна пакрытае дзірваном, травой. Узараць аблогу. □ За бульбай — аблога, зарослая піжмай, паўзучымі рамонкамі і яшчэ нейкай дзікай травой. Рылько. — Ляглі кругом нечапаныя аблогі, — уставіў Кукарэка. — Адзін сівец... Шчарбатаў.
2. Акружэнне войскамі умацаванага пункта (горада; крэпасці, раёна і пад.) з мэтай яго захопу. Шарэла... Аблогай ачэплен быў гай, Бой глухнуў у вольхах старых... Лойка. // Абкружэнне ўчастка лесу з мэтай правядзення аблавы.
•••
Ляжаць аблогай гл. ляжаць.
абло́гавы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і абложны (у 1 знач.). Аблогавыя землі.
абло́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аблажыць (у 1–7 знач.).
абло́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аблажыць.