Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адводзіць — адвесці.

2. Заява аб адхіленні каго‑н. ад удзелу ў чым‑н. Выступіць з адводам кандыдатуры.

3. Адгалінаванне (у трубе, радыё‑, электрасетцы і пад.). Адвод ад батарэі.

•••

Для адводу вачэй — з мэтай адцягнуць увагу, для прыліку.

адво́дак, ‑дка, м.

1. Галінка або частка кораня з вочкамі, пасаджаныя ў зямлю асобна ад мацярынскай расліны. Чаранковы адводак.

2. Пчаліны рой, які толькі што ўтварыўся і аддзяліўся ад старога. У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў для перасадак у іх «адводкаў» з дужых сем’яў. Якімовіч.

адво́дзіцца, ‑водзіцца; незак.

Зал. да адводзіць.

адво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.

Незак. да адвесці.

адво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адводзіць — адвесці (у 6 знач.).

2. Спец. Прыстасаванне ў станках для пераводу рэменя з рабочага шківа на халасты і наадварот.

адво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для адводу чаго‑н. убок. Адводная канава. □ На Фінляндскім вакзале са шкляных дахаў і адводных груб струменямі сплывае дажджавая вада. Лупсякоў.

адво́з, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адвозіць — адвезці.

адво́зіцца, ‑возіцца; незак.

Зал. да адвозіць.

адво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.

Незак. да адвезці.

адво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адвольнага. Адвольнасць рухаў. Адвольнасць вывадаў.