Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адгрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адгрызці.

адгры́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адгрызці.

адгры́зці, ‑грызу, ‑грызеш, ‑грызе; ‑грызём, ‑грызяце; зак., што.

Грызучы, аддзяліць, ад’есці. Бярэ .. [хлопец] гэту цыгарышчу і ажно сапе. Шмаргануў носам і адгрыз канчурык. Грамовіч.

адгрыме́ць, ‑міць; зак.

1. Перастаць грымець (пра гром). Адгрымела ноччу навальніца, Птушак пазванчэлі галасы, І пяюць на сто ладоў сініцы — Пэўна, упіліся ад расы. Панчанка. Дождж прамачыў наскрозь Лясныя нетры. Гром адгрымеў. Чуваць быў толькі звон. Свірка. // Скончыць грымець (пра што‑н. гучнае). Адгрымеў развітальны салют з вінтовак. Лынькоў.

2. перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. буйнае, шумнае). Адгрымела слава. □ Змоўклі бітвы. Развеяўся дым. Адгрымелі часы баявыя. Броўка. Вайна адгрымела. Салют Уславіў шляхі перамогі. Глебка.

адгрэ́бены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адгрэбці.

адгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; зак., што.

Грабучы, адсунуць убок. Мікіта адгроб ад варот гной, прычыніў вароты і пайшоў да стога. Галавач.

адгука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адгукнуцца.

адгука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Скончыць гукаць. Адгукала труба, адмычалі каровы, ў полі пуста — ні голасу, ні аганька. Дудар.

2. каго-што; перан. Гукаючы, клічучы, вярнуць. Толькі еднасці сіла Долю нам адгукала. Бялевіч.

адгу́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да адгукнуцца.

адгукну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Адказаць на зварот; адазвацца. — А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня. — Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь. Чарот. — Габрынька! — Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок. Колас. // Прагучаць, падаць голас у адказ на што‑н. Дзесьці ў канцы вёскі хрыпла заспяваў певень. Яму адгукнуўся другі, трэці. Шамякін. Вясна гукнула, павяла, І адгукнулася дарога. Пысін.

2. перан. Адазвацца якім‑н. чынам на якую‑н. з’яву, падзею, выказаць свае адносіны да яе. [Якаў Гіс:] — Мы [рабочыя] павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю. Гартны. // Паставіцца спачувальна да чаго‑н., падтрымаць. На шырокай плошчы перад вакзалам ішоў мітынг у гонар будаўнікоў-добраахвотнікаў, якія першымі адгукнуліся на заклік камсамола. Асіпенка.

3. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, адчуванне ў каго‑н. Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Вусыгі. Колас. Хай жа песня ўсюды льецца, У сэрцах вашых адгукнецца. Купала.

4. перан. Адбіцца на кім‑, чым‑н., зрабіць уплыў. Памыліўся ты, і твая памылка рэхам адгукнецца ва ўсім калгасе. Дуброўскі.