адгукну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Адказаць на зварот; адазвацца. — А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня. — Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь. Чарот. — Габрынька! — Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок. Колас. // Прагучаць, падаць голас у адказ на што‑н. Дзесьці ў канцы вёскі хрыпла заспяваў певень. Яму адгукнуўся другі, трэці. Шамякін. Вясна гукнула, павяла, І адгукнулася дарога. Пысін.

2. перан. Адазвацца якім‑н. чынам на якую‑н. з’яву, падзею, выказаць свае адносіны да яе. [Якаў Гіс:] — Мы [рабочыя] павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю. Гартны. // Паставіцца спачувальна да чаго‑н., падтрымаць. На шырокай плошчы перад вакзалам ішоў мітынг у гонар будаўнікоў-добраахвотнікаў, якія першымі адгукнуліся на заклік камсамола. Асіпенка.

3. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, адчуванне ў каго‑н. Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Вусыгі. Колас. Хай жа песня ўсюды льецца, У сэрцах вашых адгукнецца. Купала.

4. перан. Адбіцца на кім‑, чым‑н., зрабіць уплыў. Памыліўся ты, і твая памылка рэхам адгукнецца ва ўсім калгасе. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)