Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

штык¹, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Колючая зброя, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, ружжа.

Клінковы ш.

Ісці ў штыкі (пра рукапашны бой).

2. Узброены баец, салдат (спец.).

У роце засталося сорак штыкоў (гэта значыць стралкоў-пехацінцаў).

У штыкі сустракаць (прыняць) каго-н. — крайне варожа.

Трымацца на штыках (перан.) — сілай войск.

Як штык (разм.) — зусім дакладна, безумоўна.

Каб з’явіўся заўтра сюды як ш.

|| прым. штыкавы́, -а́я, -о́е.

штык², -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (спец.).

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Глыбінёй у два штыкі.

штыкава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак., што.

Перакопваць на глыбіню, якая захопліваецца рыдлёўкай.

Ш. глебу.

|| наз. штыкава́нне, -я, н. і штыко́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж.

штыке́тнік, -а і -у, м.

1. -у, зб. Вузкія драўляныя планкі, з якіх робяць плот.

2. -а, мн. -і, -аў. Плот, агароджа з такіх планак.

штыке́ты, -аў, адз. штыке́т, -а і -у, Ме́це, м.

Тое, што і штыкетнік.

штыке́ціна, -ы, мн. -ы, -цін, ж. (разм.).

Адна планка штыкетніку.

штыле́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

Невялікі кінжал з тонкім трохгранным лязом.

штыль¹, -ю, м.

Поўнае зацішша на моры.

|| прым. штылявы́, -а́я, -о́е.

штыль², -я́, мн. -і́, -ёў, м.

1. Востры стрыжань.

2. Тое, што і штых (спец.).

штыфт, -а, М -фце, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Металічны стрыжанёк нерухомага злучэння чаго-н. (напр. дэталей машыны).

|| прым. шты́фтавы, -ая, -ае.