Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

зяме́льны, -ая, -ае.

1. гл. зямля.

2. Які мае адносіны да землеўладання (у 1 знач.) і да земляробства.

Зямельнае права.

Зямельная рэформа.

зямлі́сты, -ая, -ае.

1. Які змяшчае многа часцінак зямлі (у 4 знач.; спец.).

З. торф.

2. Пра колер твару: шаравата-бледны.

З. твар.

|| наз. зямлі́стасць, -і, ж.

зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

зямля́к, земляка́, мн. землякі́, земляко́ў, м.

Ураджэнец адной з кім-н. мясцовасці.

|| ж. зямля́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

зямля́не, -ля́н, адз. зямля́нін, -а, м.

Жыхары планеты Зямля.

Зямлян налічваецца сем мільярдаў.

зямля́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Крытае паглыбленне ў зямлі, выкапанае для жылля, укрыцця.

|| прым. зямля́начны, -ая, -ае.

зямля́цтва, -а, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнні, жыхарстве да адной мясцовасці (пра некалькі асоб).

2. Аб’яднанне ўраджэнцаў адной мясцовасці, краіны ў другой мясцовасці, краіне.

|| прым. зямля́цкі, -ая, -ае.

зямны́ гл. зямля.