Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

нязме́рны, -ая, -ае.

1. Вельмі вялікі, які не паддаецца вымярэнню; неабдымны.

Нязмерная прастора.

2. перан. Незвычайна глыбокі, моцны (пра пачуцці).

Нязмернае гора.

|| наз. нязме́рнасць, -і, ж.

нязна́йка, -і, ДМ -у, Т -ам, м.; ДМа́йцы, Т -ай (-аю), ж., мн. -і, -на́ек (разм.).

Пра чалавека, які мала ведае або нічога не ведае.

нязна́ны, -ая, -ае (разм.).

1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны.

Н. край.

Н. маршрут.

2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны.

Нязнанае пачуццё.

|| наз. нязна́насць, -і, ж.

нязна́чны, -ая, -ае.

1. Невялікі па колькасці, велічыні, сіле.

Нязначная сума грошай.

2. Які не мае істотнага значэння, малаважны.

Нязначныя змены.

|| наз. нязна́чнасць, -і, ж.

нязно́сны, -ая, -ае.

Такі, што перавышае цярпенне, які пераносіцца з цяжкасцю.

Н. боль.

Нязносныя пакуты.

|| наз. нязно́снасць, -і, ж.

нязру́чны, -ая, -ае.

1. Пазбаўлены зручнасці ў карыстанні; дрэнна прыстасаваны для чаго-н.

Нязручнае месца.

Вузкі н. праход.

2. Які не садзейнічае поспеху, непрыдатны для дасягнення жаданых вынікаў.

Н. момант.

3. Няёмкі ў якіх-н. адносінах, які абцяжарвае працу (пра інструмент, работу і пад.).

Н. гэблік.

|| наз. нязру́чнасць, -і, ж.

няйна́кш, прысл. (разм.).

Тое, што і няйначай.

няйна́чай.

1. прысл. Напэўна, менавіта.

Н. сёння павінен прыехаць сын.

2. у знач. пабочн. сл. Хутчэй за ўсё, відавочна.

Н., пастушкі спалілі стажок сена.

няла́дны, -ая, -ае (разм.).

Дрэнны, нядобры, не такі, як трэба.

Няладнае надвор’е.

У сям’і тварылася няладнае (наз.).

няла́ска, -і, ДМа́сцы, ж.

Непрыхільнасць, нядобразычлівасць да каго-н.

Быць у няласцы.