Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сель...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па знач. слову «сельскі», напр.: сельсавет, сельмаг (сельскі магазін).

сельдэрэ́й, -ю, м.

Агародная расліна сямейства парасонавых, лісце і карэнне якой выкарыстоўваюцца як прыправа.

|| прым. сельдэрэ́евы, -ая, -ае.

селька́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Скарачэнне: сельскі карэспандэнт.

Нататкі селькара.

|| ж. селька́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак.

|| прым. селька́раўскі, -ая, -ае.

сельсаве́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

Скарачэнне: сельскі Савет народных дэпутатаў — прадстаўнічы орган дзяржаўнай улады ў сельскім раёне.

Звярнуцца за даведкай у с.

|| прым. сельсаве́цкі, -ая, -ае.

сельскагаспада́рчы, -ая, -ае.

Які мае адносіны да сельскай гаспадаркі.

Сельскагаспадарчая тэхніка.

се́льскі, -ая, -ае.

1. гл. сяло.

2. Які мае адносіны да жыцця і дзейнасці вёскі, вясковы.

С. клуб.

Сельская мясцовасць.

Сельская гаспадарка — галіна народнай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем сельскагаспадарчых культур і развядзеннем жывёл для атрымання прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, а таксама першасная перапрацоўка гэтай прадукцыі.

се́льтарскі, -ая, -ае.

У выразе: се́льтарская вада́ або се́льтарская, -ай, ж. — мінеральная саляна-вуглякіслая вада, а таксама аналагічная штучная вада.

Выпіць сельтарскай.

селядзе́ц, -дца́, мн. -дцы́, -дцо́ў, м.

Невялікая марская прамысловая рыба, якая ўжыв. ў ежу ў засоленым ці вэнджаным выглядзе.

Сярэднесалёны с.

Як у бочцы селядцоў — пра мноства людзей у цесным памяшканні (разм.).

|| прым. селядцо́вы, -ая, -ае.

С. промысел.

Сямейства селядцовых (наз.).

селядзе́чніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Прадаўгаватая талерка для падачы на стол селядцоў.

селядзёўка, -і, ДМ -дзёўцы, мн. -і, -дзёвак, ж. (разм.).

Бочка ад селядцоў.