перако́шваць² гл. перакасіць².
перакро́іць, -о́ю, -о́іш, -о́іць; -о́ены; зак., што.
1. Скроіць нанава; змяніць.
П. сукенку.
Вайна перакроіла людскія лёсы (перан.).
2. Кроячы, разрэзаць, парэзаць усё, многае.
П. увесь матэрыял.
|| незак. перакро́йваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).
|| наз. перакро́йванне, -я, н. (да 1 знач.) і перакро́йка, -і, ДМ -йцы, ж. (да 1 знач.).
перакруці́цца, -учу́ся, -у́цішся, -у́ціцца; зак.
1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам ці канцом.
П. на адной назе.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага, празмернага закручвання або распасціся напалам, на часткі ад кручэння.
Кран перакруціўся.
Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.
3. перан. Рэзка перамяніцца, перайначыцца (разм.).
Як жыццё перакруцілася.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заблытацца, зблытацца.
Ніткі перакруціліся.
|| незак. перакру́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
перакруці́ць, -учу́, -у́ціш, -у́ціць; -у́чаны; зак., што.
1. Павярнуць кругом, процілеглым бокам, канцом.
П. педалі.
2. Звіць вельмі туга, крута; сапсаваць празмерным закручваннем.
П. вужышча.
П. кран.
3. Наматаць на што-н. другое або іначай.
П. шалік на шыі.
4. перан. Перайначыць, зрабіць на свой лад (разм.).
Новыя абставіны ўсё перакруцілі.
5. перан. Сказіць, змяніць змест, форму чаго-н. (разм.).
П. чые-н. словы.
|| незак. перакру́чваць, -аю, -аеш, -ае.
перакрыві́цца, -ыўлю́ся, -ы́вішся, -ы́віцца; зак.
1. Стаць крывым, несіметрычным; перакасіцца.
Страха перакрывілася.
2. Скрывіцца ад болю, страху і пад.
Твар перакрывіўся ад болю.
перакрыві́ць, -ыўлю́, -ы́віш, -ы́віць; -ы́ўлены; зак.
1. што. Зрабіць крывым, перакасіць.
П. раму.
2. звычайна безас., каго-што. Надаць скрыўлены выраз (твару, губам).
Ад болю перакрывіла твар.
3. каго. Перадражніць, падаць у смешным выглядзе.
|| незак. перакрыўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
перакрыжава́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
Месца, дзе перасякаецца, перакрыжоўваецца што-н.
На перакрыжаванні дарог.
перакрыжава́ны, -ая, -ае.
1. Які перасякаецца крыж-накрыж.
Перакрыжаваная рыфма (праз радок).
2. перан. Які сыходзіцца з розных бакоў у адно месца.
П. агонь. П. допыт (некалькімі асобамі адразу). Перакрыжаванае апыленне.
перакрыжава́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -жу́ецца; зак.
1. Размясціцца накрыж, скрыжавацца.
Вуліцы перакрыжаваліся.
2. перан. Сутыкнуцца, пераплесціся.
Інтарэсы перакрыжаваліся.
|| незак. перакрыжо́ўвацца, -аецца.
перакрыжава́ць, -жу́ю, -жу́еш, -жу́е; -жу́й; -жава́ны; зак., што.
1. Пакласці, правесці, перавязаць што-н. накрыж.
П. рамянямі скрынку.
2. перан. Сутыкнуць, пераплесці; скасаваць.
Вайна перакрыжавала нашы лёсы.
|| незак. перакрыжо́ўваць, -аю, -аеш, -ае.