Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

рэпеты́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

Папярэдняе выкананне спектакля, якога-н. відовішчнага мерапрыемства ў час іх падрыхтоўкі.

Р. п’есы.

Р. парада.

Генеральная р.

|| прым. рэпетыцы́йны, -ая, -ае.

рэпеці́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; незак.

1. што. Праводзіць рэпетыцыю чаго-н., развучваць.

Р. п’есу.

Р. ролю.

2. каго (што). Дапамагаць каму-н. у праходжанні вучэбнага курса, у вучэнні.

Р. вучня.

|| зак. адрэпеці́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны (да 1 знач.) і прарэпеці́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны (да 1 знач.; спец.).

рэ́піца, -ы, ж.

У пазваночных жывёлін: канцавая частка пазваночніка, якая выступае каля хваста.

|| прым. рэ́пічны, -ая, -ае.

рэ́пка, -і, ДМ -пцы, ж.

1. гл. рэпа.

2. Надкаленная косць.

рэ́пліка, -і, ДМ -ліцы, мн. -і, -лік, ж.

1. Адказ, пярэчанне, заўвага на словы суразмоўца, таго, хто гаворыць.

Кінуць рэпліку.

Рэплікі з месцаў (на сходзе). Калючая р.

Абмен рэплікамі.

2. У сцэнічным дыялогу: тэкст, які змяшчае ў сабе словы адной з дзеючых асоб.

3. На судовым працэсе: пярэчанне адной са старон (спец.).

4. Кароткі газетны або часопісны артыкул як пярэчанне, выражэнне нязгоды з кім-, чым-н.

рэпраду́ктар, -а, мн. -ы, -аў, м.

У радыёвяшчанні: гучнагаварыцель.

|| прым. рэпраду́ктарны, -ая, -ае.

рэпраду́кцыя, -і, ж.

1. Узнаўленне карцін, малюнкаў чарцяжоў шляхам фатаграфіі, клішэ (спец.).

2. мн. -і, -цый. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак.

Яркія рэпрадукцыі.

3. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці гатунковага насення (спец.).

Высокая р. насення пшаніцы.

|| прым. рэпрадукты́ўны, -ая, -ае (да 3 знач.; спец.) і рэпрадукцы́йны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.; спец.).

рэпрэзентава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак., каго-што (кніжн.).

Прадставіць (прадстаўляць), выявіць (выяўляць), паказаць (паказваць).

|| наз. рэпрэзента́цыя, -і, ж.

рэпрэсі́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; зак. і незак., каго (што).

Падвергнуць (падвяргаць) рэпрэсіі, рэпрэсіям.

рэпрэ́сія, -і, звычайна мн. -і, -сій, ж.

Карная мера з боку дзяржаўных органаў.

Падвяргацца рэпрэсіям.

Ахвяры рэпрэсій.

|| прым. рэпрэсі́ўны, -ая, -ае.

Рэпрэсіўныя меры.