Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

манапла́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Самалёт, які мае адну пару крылаў, размешчаных у адной плоскасці.

манапо́лія, -і, мн. -і, -лій, ж.

1. Выключнае права на вытворчасць або продаж чаго-н., а таксама выключнае права карыстання чым-н.

Дзяржаўная м.

2. Буйное капіталістычнае аб’яднанне, якое ўзнікла на падставе канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу з мэтай панавання ў пэўнай галіне гаспадаркі і атрымання найбольшага прыбытку.

|| прым. манапалісты́чны, -ая, -ае і манапо́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Манапалістычны капітал.

Манапольнае права.

мана́рх, -а, мн. -і, -аў, м.

Асоба, якая ўзначальвае манархію (цар, кароль, імператар і інш.).

|| прым. мана́ршы, -ая, -ае.

Манаршая ўлада.

манархі́зм, -у, м.

Палітычны кірунак, які прызнае манархію адзінай формай дзяржаўнай улады.

|| прым. манархі́сцкі, -ая, -ае.

манархі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Прыхільнік манархізму.

|| ж. манархі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. манархі́сцкі, -ая, -ае.

мана́рхія, -і, мн. -і, -хій, ж.

Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць адной асобе — манарху, а таксама дзяржава з такой формай кіравання.

Абсалютная манархія — дзяржава, у якой уся ўлада належыць толькі манарху.

Канстытуцыйная манархія — форма дзяржаўнага ладу, пры якім улада манарха абмежавана канстытуцыяй.

Саслоўная манархія — форма феадальнай дзяржавы, пры якой улада манарха спалучаецца з органамі саслоўнага прадстаўніцтва дваран, духавенства і гараджан.

|| прым. манархі́чны, -ая, -ае.

манарэ́йка, -і, ДМэ́йцы, мн. -і, -рэ́ек, ж. (спец.).

Падвесны аднарэйкавы чыгуначны пуць.

|| прым. манарэ́йкавы, -ая, -ае.

Манарэйкавая дарога.

мана́скі гл. манах.

манасты́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Рэлігійная абшчына манахаў або манашак, якая ўтварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю.

Мужчынскі м.

Жаночы м.

2. Тэрыторыя, царква і жылыя памяшканні такой абшчыны.

Падвесці пад манастыр каго (разм.) — паставіць каго-н. у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча.

|| прым. манасты́рскі, -ая, -ае.

мана́ткі, -аў (разм.).

Дробныя рэчы, пажыткі.

Збіраць свае м.