Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бяскра́йні, -яя, -яе.

Які нельга акінуць вокам.

Бяскрайнія прасторы.

|| наз. бяскра́йнасць, -і, ж.

бяскро́ўны, -ая, -ае.

1. Які змяшчае ў сабе малую колькасць крыві; вельмі бледны.

Бяскроўныя вусны.

2. Які адбываецца без кровапраліцця.

Бяскроўная перамога.

бяскры́зісны, -ая, -ае.

Які не суправаджаецца крызісам.

Бяскрызіснае развіццё.

|| наз. бяскры́зіснасць, -і, ж.

бяскры́лы, -ая, -ае.

1. Які не мае крылаў.

2. перан. Пазбаўлены творчай фантазіі, сілы.

Бяскрылыя мары.

|| наз. бяскры́ласць, -і, ж. (да 2 знач.).

бяскры́ўдны, -ая, -ае.

Які не робіць крыўды, не прыносіць непрыемнасцей або шкоды.

Бяскрыўдная іронія.

Б. звярок.

|| наз. бяскры́ўднасць, -і, ж.

бяспа́мятны, -ая, -ае.

У якога слабая памяць, няпамятлівы.

|| наз. бяспа́мятнасць, -і, ж.

бяспа́мяцтва, -а, н.

1. Страта свядомасці, непрытомнасць.

Ляжаць у бяспамяцтве.

2. Адсутнасць добрай памяці.

бяспа́шпартны, -ая, -ае.

Які не мае пашпарта.

бяспе́ка, -і, ДМ -пе́цы, ж.

Становішча, пры якім ніхто і нішто не пагражае каму-, чаму-н.

Міжнародная б.

бяспе́чны, -ая, -ае.

1. Якому не пагражае небяспека.

Бяспечнае месца.

Б. пераход.

2. Які не прыносіць шкоды.

Б. сродак.

|| наз. бяспе́чнасць, -і, ж.