Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

маладзе́цкі, -ая, -ае (разм.).

Уласцівы малайцу (у 1 знач.); удалы, хвацкі.

М. выгляд.

маладзе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

Станавіцца маладзейшым.

М. ад шчасця.

Насельніцтва маладзее (павялічваецца працэнт маладых).

|| зак. памаладзе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е.

маладзёжны гл. моладзь.

маладзі́к, -а́, м.

Месяц (у 1 знач.) у першай квадры.

|| памянш.-ласк. маладзічо́к, -чка́, м.

|| прым. маладзіко́вы, -ая, -ае.

Маладзіковая нядзеля.

маладзіко́м, прысл. (разм.).

Калі настане маладзік, у перыяд маладзіка.

маладзі́ца, -ы, мн. -ы, -дзіц, ж.

Маладая замужняя жанчына.

Спявалі маладзіцы і дзяўчаты.

маладзі́цца, -ладжу́ся, -ло́дзішся, -ло́дзіцца; незак.

Прымаць захады, каб выглядаць больш маладым.

Жанчына ўсё яшчэ маладзілася.

маладзі́ць, -ладжу́, -ло́дзіш, -ло́дзіць; незак., каго-што.

Надаваць больш малады выгляд.

Прычоска маладзіла жанчыну.

маладня́к, -у́, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі.

Калгасны м.

2. Малады лес.

Грыбы ў маладняку яшчэ не раслі.

3. Маладыя людзі, моладзь (разм.).

Дарослыя глядзелі, як весяліўся м.

маладо́сць, -і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго-н.

М. краіны.

Другая маладосць — прыліў новых сіл у пажылыя гады.

Не першай маладосці — немалады, пажылы.