уя́ва, -ы, мн. -ы, уя́ў, ж. (разм.).
1. Тое, што і уяўленне.
Перад ім ва ўяве прамільгнулі знаёмыя вобразы.
Не мець уявы пра што-н.
2. Напамінак, вобраз, прымета.
Уявы вясны.
уяві́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., уя́віцца; зак., каму.
Узнікнуць ва ўяўленні або (безас.) здацца, паказацца.
Яму ўявілася будучае.
Мне ўявілася, што наперадзе — абрыў.
|| незак. уяўля́цца, -я́ецца.
уяві́ць, уяўлю́, уя́віш, уя́віць; уя́ўлены; зак., каго-што.
1. У думках скласці вобраз каго-, чаго-н.
У. рысы дарагога чалавека.
2. Палічыць, дапусціць.
Я не магу ў., што ў нас магло адбыцца такое.
3. заг., у знач. пабочн. сл. уяві, уяві сабе. Ужыв. для падкрэслівання чаго-н. дзіўнага, цікавага.
|| незак. уяўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (у 3 знач. — толькі ў форме 2 ас. адз. л.).
уяўле́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. Стварэнне ў думках вобраза каго-, чаго-н. ці ўзнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў, а таксама канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, а ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю.
Ва ўяўленні паўсталі эпізоды вайны.
Зрокавыя ўяўленні.
2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння (спец.); творчая фантазія.
У. мастака.
3. Разуменне, веданне чаго-н.
Не мець ніякага ўяўлення пра што-н. Скласці сабе ў. пра што-н.
уя́ўны, -ая, -ае.
Які існуе ва ўяўленні або мажлівы тэарэтычна.
Уяўная небяспека.
Уяўная лінія.
○
Уяўны лік — у матэматыцы: квадратны корань з адмоўнага ліку.
|| наз. уя́ўнасць, -і, ж.