Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

маро́зіва, -а, н.

Тое, што і марожанае.

маро́зіць, -ро́жу, -ро́зіш, -ро́зіць; незак.

1. Моцна ахалоджваць, замарожваць што-н.

М. яблыкі.

2. каго-што. Нішчыць холадам, марозам.

М. прусакоў.

3. безас. Пра марознае, халоднае надвор’е.

З раніцы марозіць.

|| прым. маразі́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

маро́ка, -і, ДМо́цы, ж. (разм.).

Аб чым-н. блытаным, клапотным.

З гэтай справай адна м.

маро́чыць, -чу, -чыш, -чыць; незак., каго-што (разм.).

Уводзіць у зман, ашукваць каго-н.

М. людзей.

Марочыць галаву каму-н. — збіваць з толку, знарок падманваць.

|| зак. абмаро́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны, замаро́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны і замарачы́ць, -чу́, -чы́ш, -чы́ць; -чы́м, -чыце́, -ча́ць; -чо́ны.

маро́шка, -і, ДМ -шцы, ж.

Балотная расліна сямейства ружавых з аранжавымі духмянымі ядомымі ягадамі, а таксама яе ягады.

Спелая м.

|| прым. маро́шкавы, -ая, -ае.

марселье́за, -ы, ж.

Песня часоў Французскай буржуазнай рэвалюцыі, якая стала нацыянальным гімнам Францыі.

марскі́ гл. мора.

мартырало́г, -а, мн. -і, -аў, м. (спец.).

1. Зборнік сярэдневяковых аповесцей пра хрысціянскіх мучанікаў.

2. Спіс ахвяр без віны замучаных, пакараных смерцю.

марты́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.

Маленькая малпа з доўгімі заднімі нагамі, доўгім хвастом і вузканосай мордай.

|| прым. марты́шчын, -а.

мартэ́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяльная плавільная печ для вытворчасці сталі з чыгуну і стальнога лому.

|| прым. мартэ́наўскі, -ая, -ае.

Мартэнаўская сталь.

М. цэх.