Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

БІ́ЛЕК ((Bilek) Францішак) (6.11.1872, Хінаў, каля г. Табар, Чэхія — 13.10.1941),

чэшскі скульптар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў АМ у Празе (1887—90) і ў акадэміі Каларосі ў Парыжы (1891—92). Сярод работ: рэльеф «Тлумачэнне слова «Мадонна» (1897), «Распяцце» (1899, сабор св. Віта, Прага), «Жах» (1907), помнік воінам, што загінулі ў Горжыцы (1922) і інш.

т. 3, с. 151

БІ́ЛЕФЕЛЬД (Bielefeld),

горад на Пн Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1015. 324,7 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел (чыгунка і шаша каля праходу праз горны масіў Тэўтабургскі Лес). Маш.-буд. (у т. л. с.-г. і тэкст.), тэкст. (ільняная), швейная (у т. л. выраб бялізны), харч., хім.-фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. мастацкі, этнагр., ігральных картаў). Арх. помнікі 13—16 ст.

т. 3, с. 151

БІЛЕ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),

украінскі літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.​Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.

Тв.:

Зібрання праць. Т. 1—5. Киів, 1965—66.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.

т. 3, с. 151

БІЛІ́БІН (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1911, г. Сімферопаль, Украіна — 8.6.1993),

бел. дырыжор, дзеяч самадзейнага муз. мастацтва. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў ваенна-дырыжорскі ф-т Маскоўскай кансерваторыі (1942). У 1952—62 узначальваў Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца. З 1962 маст. кіраўнік Мінскай абл. нар. філармоніі пры Бел. філармоніі, у 1968—73 дырэктар Рэсп. Дома маст. самадзейнасці Белсаўпрофа.

І.Білібін. Кулікоўская бітва. 1941.

т. 3, с. 151

БІЛІ́БІН (Іван Якаўлевіч) (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),

рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.​Я.​Рэпіна — у школе-майстэрні М.​К.​Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.​С.​Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.​Ю.​Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.

Літ.:

Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.​Я.​Билибина по материалам собр. Е.​П.​Климова. М., 1981.

т. 3, с. 151

БІЛІ́БІН (Юрый Аляксандравіч) (19.5.1901, г. Растоў, Расія — 4.5.1952),

савецкі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1926). З 1934 ва Усесаюзным геал. ін-це, з 1950 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па выяўленні заканамернасцяў размеркавання радовішчаў карысных выкапняў у зямной кары, па даследаванні ўмоў стварэння россыпных радовішчаў золата. Дзярж. прэмія СССР 1946. Яго імем названы мінерал білібініт і г. Білібіна.

Тв.:

Петрология Ыллымахского интрузива. М.; Л., 1947;

Основы геологии россыпей. 3 изд. М., 1956;

Металлогенические провинции и металлогенические эпохи. М., 1955;

Избр. труды. Т. 1-4. М., 1958—63.

т. 3, с. 152

БІЛІВЕРДЗІ́Н,

C33H34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 152

БІЛІНГВІ́ЗМ,

тое, што двухмоўе.

т. 3, с. 152