БІЛІВЕРДЗІ́Н,
С33Н34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).
А.М.Ведзянееў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)