БУДЗІ́НАС Яўген Дамінікавіч
(н. 18.2.1944, Масква),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Мінскі радыётэхнічны ін-т (1972). Працаваў у газ. «Знамя юности», уласным карэспандэнтам АДН па Беларусі, спец. карэспандэнтам па Беларусі і Прыбалтыцы час. «Дружба народов». З 1990 — старшыня праўлення выд-ва «Паліфакт» (Мінск). У кнігах нарысаў і публіцыстыкі «Адзін практычны крок» (1983), «Дом у сельскай мясцовасці» (1985), «Дзеючыя асобы» (1986) разглядае агр. і сац. праблемы, перспектывы сучаснай вёскі. У рамане-даследаванні «Прамежкавы чалавек» (1990) — крытычны погляд на сутнасць улады ў сацыяліст. перыяд жыцця. Аўтар сцэнарыяў маст. («З юбілеем пачакаем», «Ліфт для прамежкавага чалавека») і дакумент. фільмаў. Выдавец шматтомнай серыі «Вынікі стагоддзя».
т. 3, с. 314
БУДЗІ́НСКІ Станіслаў Янавіч
(парт. і літ. псеўд. Стах, Традыцыя, С.Бяднарскі, Я.Марыянскі; 9.9.1894, Варшава — 22.8.1937),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. У 1912—15 чл. Варшаўскага к-та СДКПіЛ. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Маскве, чл. бальшавіцкай фракцыі Маскоўскага Савета, канд. у чл. Маскоўскага ВРК. У снеж. 1917 — сак. 1918 нарком сац. забеспячэння Масквы і Маскоўскай губ. Са жн. 1918 у Польшчы, чл. Гал. праўлення СДКПіЛ, чл. Лодзінскага, Варшаўскага к-таў КПП. У 1919 арыштаваны. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1920 у Сав. Расіі. У 1924—26 чл. Польбюро пры ЦК ВКП(б). У ліп. 1928 на 1 з’ездзе КПЗБ абраны чл. ЦК. З 1930 рэдактар газ. «Звязда» і чл. рэдкалегіі час. «Бальшавік Беларусі». Чл. ЦК у 1929—32, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—32. З 1934 праф. Міжнар. ленінскай школы ў Маскве. Аўтар грамадска-паліт. брашур і артыкулаў. У чэрв. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 3, с. 314
БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,
паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.
т. 3, с. 314
БУ́ДЗЬКА Эдзюк
(Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),
бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ. «Светач», з Ц.Гартным супрацоўнічаў у газ. «Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч. вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына» і інш.
Літ.:
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 314
БУДКА,
вёска ў Беларусі, у Капараўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 27 км ад Рэчыцы, 68 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Дземяхі, на шашы Гомель—Калінкавічы. 303 ж., 123 двары (1995). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 314
БУДКЕ́ВІЧ Барбара Эдмундаўна
(2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АН БССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.
У.М. Міхнюк.
т. 3, с. 314
БУДКЕ́ВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч
(н. 13.3.1947, Магілёў),
бел. фагатыст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 артыст, у 1971—81 саліст аркестра і канцэртмайстар групы фаготаў Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1972 педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1992). Выступае ў канцэртах, у т. л. з Дзярж. камерным аркестрам, ансамблем салістаў Дзярж. аркестра сімф. і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш.
т. 3, с. 315
БУ́ДКЕР Герш Іцкавіч
(1.5.1918, в. Мурафа Вінніцкай вобл., Украіна — 4.7.1977),
савецкі фізік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). З 1946 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР, з 1957 дырэктар Ін-та ядзернай фізікі Сібірскага аддз. АН СССР. Навук. працы па тэорыі ядзерных рэактараў, тэорыі і разліку паскаральнікаў зараджаных часціц, па фізіцы плазмы, фізіцы часціц высокіх энергій і інш. Прапанаваў метад сустрэчных пучкоў для даследавання ўласцівасцей элементарных часціц. Ленінская прэмія 1967, Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Беляев С.Т., Сидоров В.А., Чириков Б.В. Г.И.Будкер // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 3.
т. 3, с. 315
БУДЛЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Магілёўскім, Быхаўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Расты (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца каля паўн. ускраіны в. Ліпец Магілёўскага р-на. На ўсім працягу каналізаваная.
т. 3, с. 315
БУ́ДНІК Уладзімір Іванавіч
(н. 28.4.1949, г. Жыткавічы Гомельскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас А.Багатырова). У 1979—84 заг. муз. часткі Бел. т-ра імя Я.Купалы. Асн. творчыя дасягненні ў масавых жанрах, у музыцы для дзяцей. Сярод твораў: кантата «На магіле партызана» на словы К.Кублінскага і сімфонія (1975), сімф. паэма «Сказ пра Палессе» (1990), сюіты для фп. (1990), трубы і фп. (1992), габоя і фп. (1993), прэлюдыя і фуга для квартэта драўляных духавых інструментаў (1977), Дзіцячая сюіта і струнны квартэт (1978), прэлюдыі (1979), «Школьны сшытак» (1980) для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і радыёпастановак. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.
Р.М.Аладава.
т. 3, с. 315