БУ́ДЗЬКА Эдзюк
(Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),
бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ. «Светач», з Ц.Гартным супрацоўнічаў у газ. «Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч. вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына» і інш.
Літ.:
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)