Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОЕГАЛО́ЎКА ракеты, галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.

т. 3, с. 204

БОЕПРЫПА́СЫ,

састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц. бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.

т. 3, с. 204

Боер Пол

т. 18, кн. 1, с. 353

«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,

грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.

А.А.Каўка.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЧ,

у славянскай міфалогіі іпастась вярх. нябеснага бога. Атаясамліваўся з богам Сонца, сімвалізаваў пачатак веснавога сонечнага цыкла. З прыняццем хрысціянства Божыча супастаўлялі з вобразам Ісуса Хрыста. Імя Божыч узгадваецца ў назвах і песнях, звязаных з Калядамі.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЧ

(Božič) Мірка (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 204

БО́ЖЫЯ КАРО́ЎКІ,

какцынеліды (Coccinellidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 4 тыс. відаў на ўсіх мацерыках. На Беларусі больш за 40 відаў, звычайна карысныя: божая кароўка сямікрапінкавая (Coccinella septempunctata), двухкрапінкавая (Adalia bipunctata) і інш. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, балотах, палетках.

Даўж. 2—18 мм, цела пукатае зверху, круглаватае або авальнае, пляскатае знізу. Афарбоўка яркая, «перасцерагальная», з малюнкам з крапінак, плям, штрыхоў. У большасці жукі і лічынкі драпежныя — кормяцца тлямі, павуціннымі кляшчамі, шчытоўкамі і інш.; некат. раслінаедныя. Многія, у т. л. божыя кароўкі двухкрапінкавыя, выкарыстоўваюцца ў біял. ахове с.-г. і лясных культур. 2 аўстрал. віды спынілі павелічэнне колькасці шкоднікаў цытрусавых — чарвяцоў. Некат. шкодныя. Божыя кароўкі маюць ядавітую гемалімфу, таму насякомаедныя жывёлы іх не паядаюць.

т. 3, с. 204

БО́ЗЕ,

Бос (Bose) Шацьендранат (1.1.1894, г. Калькута, Індыя — 4.2.1974), індыйскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай статыстыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва з 1958. Скончыў Калькуцкі ун-т (1915). Працаваў у Парыжы ў М.Складоўскай-Кюры (1924—25), праф. Дакскага (1926—56), Калькуцкага (1945—56) ун-таў. Разам з А.Эйнштэйнам стварыў Бозе — Эйнштэйна статыстыку (1924), вывеў Планка закон для цеплавога выпрамянення абсалютна чорнага цела.

т. 3, с. 205

БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,

квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій ​4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.

т. 3, с. 205

БО́ЗЕ-ГАЗ,

квантавы газ часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-газаў адносяцца аднаатамныя газы з атамамі, якія маюць цотны лік нуклонаў (напр., гелій ​4He), газы фатонаў і некаторых квазічасціц (напр., фанонаў).

т. 3, с. 205