АНТА́РЫО
(Ontario),
возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраў Паўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс. км². Даўж. 311 км, шыр. да 90 км. Глыб. да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс. км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р. Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж. да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р. Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).
Г.Я.Рылюк.
т. 1, с. 385
АНТА́РЫО
(Ontario),
правінцыя на Пд Канады. Пл. 1068,6 тыс. км², нас. 10,085 млн. чал. (1991), каля 35% насельніцтва краіны. Адм. цэнтр — г. Таронта [635,4 тыс. чал., у агламерацыі Вял. Таронта 3,9 млн. чал. (1991)]; на тэр. Антарыо знаходзіцца сталіца Канады г. Атава. Буйныя гарады: Гамільтан, Уінсар, Кітчэнер з Ватэрлоо, Лондан. Найб. урбанізаваная правінцыя, гар. насельніцтва каля 82%. На б. ч. тэр. Лаўрэнційскае ўзвышша (выш. да 646 м), на Пн — нізіны Гудзонава заліва, на Пд — ч. Цэнтральных раўнін. Клімат умераны, т-ра студз. ад -4 да -14 °C, ліп. 15—23 °C, ападкаў 370—1000 мм за год. Рачная сетка густая, на Пд Вял. азёры, на Пн Гудзонаў заліў. Антарыо дае каля 50% прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны і каля 25% горназдабыўной. Асн. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, аўтамабілебудаванне, нафтахім. і нафтаперапр., электратэхн., цэлюлозна-папяровая, харч. і харчасмакавая; расшыраецца прам-сць высокіх тэхналогій. Здабываюць нікель (1-е месца ў краіне), уран, жал. руды, цынк, медзь, золата, серабро і інш. Антарыо — вядучая правінцыя па вытв-сці электраэнергіі: каля 35% даюць АЭС, 34% — ГЭС, 30% — ЦЭС. Інтэнсіўная сельская гаспадарка з малочнай жывёлагадоўляй, свінагадоўляй і агародніцтвам, вырошчваюць сою, кукурузу, тытунь, садавіну і вінаград. На Пд Антарыо — самая густая ў краіне трансп. сетка, міжнар. аэрапорты.
З.М.Шуканава.
т. 1, с. 385
АНТА́РЭС,
α-Скарпіёна, пераменная зорка 0,8—1,2 візуальнай зорнай велічыні. Самая яркая ў сузор’і Скарпіёна, свяцільнасць у сярэднім у 5 тыс. разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 125 пс.
т. 1, с. 385
АНТАСФЕ́РА
(ад грэч. anthos кветка + сфера),
сфера ўплыву пахучых залоз асобнай кветкі на дзейнасць насякомых — апыляльнікаў раслін (спажыўцоў яе нектару і пылку). Тэрмін увёў сав. вучоны Я.М.Лаўрэнка (1959).
т. 1, с. 385
АНТАФАГА́СТА
(Antofagasta),
горад на Пн Чылі, адм. ц. вобласці Антафагаста. Засн. ў 1870. 219 тыс. ж. (1990). Порт на Ціхім ак. Чыг. вузел. Харч., хім. прам-сць, каляровая металургія; суднабудаванне. Цэнтр медзездабыўнога раёна. Рыбалоўства. Ун-т.
т. 1, с. 385
АНТАФІЛІ́Т
(ад грэч. anthos колер + phyllon ліст),
мінерал з групы рамбічных амфіболаў (Mg, Fe)7[Si4O11]2(OH)2. Крышталі слупкаватыя, агрэгаты валакністыя. Колер шэры, зялёны, карычневы. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 2,85—3,2 г/см³. Трапляецца ў крышталічных сланцах, серпенцінітах. Багатая жалезам валакністая разнавіднасць выкарыстоўваецца як гатунак азбесту.
т. 1, с. 385
АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).
т. 1, с. 385
АНТАЦЫЯ́НЫ
(ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
т. 1, с. 385
АНТАЦЭ́РАС
(Anthoceros),
род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 385
АНТАЦЭРО́ТАВЫЯ ІМХІ́,
антацэратопсіды (Athocerotopsida), клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.
Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 385