АНТАЦЭ́РАС
(Anthoceros),
род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)