АНТАЦЫЯ́НЫ

(ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),

фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)