АНТА́РЫО

(Ontario),

возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраў Паўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс. км². Даўж. 311 км, шыр. да 90 км. Глыб. да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс. км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р. Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж. да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р. Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).

Г.Я.Рылюк.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)