Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРЛА́МАЎ Валерый Барысавіч (14.1.1948, Масква — 27.8.1981),

расійскі спартсмен (хакей з шайбай). Засл. майстар спорту (1969). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т. З 1967 нападаючы каманды ЦСКА, у 1969—79 член зборнай каманды СССР. Чэмпіён XI (1972, г. Сапара, Японія) i XII (1976, г. Інсбрук, Аўстрыя) зімовых Алімп. гульняў, сярэбраны прызёр XIII зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША). Чэмпіён свету (1969—71, 1973—75, 1978, 1979), сярэбраны (1972, 1976) і бронз. (1977) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1969, 1970, 1973—75, 1978, 1979), сярэбраны (1971, 1972) і бронз. (1976, 1977) прызёр. Чэмпіён СССР (1968, 1970—73, 1975, 1977—81).

Літ.:

Три скорости Валерия Харламова / Авт.-сост. Б.​Левин. 2 изд. М., 1988;

Тарасов А.В. Настоящие мужчины хоккея. М., 1987.

т. 16, с. 550

ХАРЛА́МАЎ Іван Пятровіч (н. 4.10.1928, хутар Фядотава Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. мастак, дызайнер. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​І.​Мухінай (1953). З 1953 працаваў у Мінгарпраекце, з 1957 гал. архітэктар НДІ буд-ва і архітэктуры, у 1965—85 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, канструявання мэблі, афармлення інтэр’ера. Сярод работ: камплекты мэблі для 2- і 3-пакаёвых кватэр (адпаведна 1958, 1961), для кухні (1967); маст. канцэпцыя афармлення інтэр’ераў і абсталявання Міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» («Рыбацкі склеп») на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1975), Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (1976), рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1977), Уфімскага авіяц. ін-та (1979), добраўпарадкавання нас. пунктаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (1981; усе праекты ажыццёўлены ў сааўт.). Аформіў кнігі І.​Елатомцавай «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» (1966), «Манументальны летапіс эпохі» (1969), «Да тайнаў творчасці» (1973), «Нарысы па гісторыі беларускай савецкай станковай скульптуры» (1974), «Станковая скульптура. Паняцце пра жанры» (1975). Аўтар жывапісных твораў («Псіхея», 1988, і інш.).

Л.​Ф.​Салавей.

І.Харламаў. Псіхея. 1988.

т. 16, с. 550

ХАРЛА́МАЎ Іван Фёдаравіч (30.6.1920, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1995), чл.-кар. (1974—90), правадз. чл. (1990) АПН СССР (з 1990 замежны чл. Расійскай акадэміі адукацыі). Д-р пед. н. (1973), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1940), Гомельскі пед. ін-т (1952). У 1939—40, 1945—55 настаўнік, дырэктар школы, заг. Лоеўскага райана. З 1955 у Гомельскім ун-це (з 1969 заг. кафедры). Асн. кірунак навук. дзейнасці — распрацоўка тэарэт. і метадычных праблем навучання і выхавання, падрыхтоўка метадычных дапаможнікаў і падручнікаў па педагогіцы для ВНУ. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 2001.

Тв.:

Основные вопросы организации воспитательной работы в школе. Мн., 1967;

Активизация учения школьников. Мн., 1970;

Теория нравственного воспитания. Мн., 1972: Нравственное воспитание школьников. М., 1983: Педагогика. 5 изд. Мн., 1998.

І.Ф.Харламаў.

т. 16, с. 550

ХАРЛА́МАЎ Сямён Ільіч (30.4.1921, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія — 5.5.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Засл. ваенны лётчык СССР (1972). Ген.-палк. авіяцыі (1975). Скончыў Сталінградскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), ваен. акадэміі паветр. (1955) і Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір эскадрыллі старшы лейтэнант Х. вызначыўся разведвальнымі палётамі ў час Бел. аперацыі 1944 у раёне рэк Проня, Бася, Дняпро; да ліст. 1944 зрабіў 574 баявыя вылеты. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС СССР, ЦК ДТСААФ СССР па авіяцыі.

С.І.Харламаў.

т. 16, с. 550

ХАРЛАМПО́ВІЧ Канстанцін Васілевіч (30.7.1870, в. Рагачы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.3.1932),

бел. гісторык царквы, педагог. Чл.-кар. Петраградскай АН (1916), акадэмік АН Украіны (1919). Скончыў Віленскае духоўнае вучылішча і Літоўскую духоўную семінарыю (1890), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Казанскай духоўнай семінарыі (з 1895), з 1899 прыват-дацэнт, у 1909—21 праф. Казанскага ун-та. Даследаваў гісторыю правасл. царквы і асвету ў Беларусі, Расіі і на Украіне ў 16—17 ст., іх дзеячаў, становішча бел. і ўкр. народаў у Рэчы Паспалітай, узаемасувязі ўсх.-слав. л-р. За працу «Заходнярускія праваслаўныя школы XVI і пачатку XVII ст....» (Казань, 1898) прысуджаны Увараўская і Карпаўская прэміі. Знайшоў невядомую раней працу А.​Курбскага на польск. мове. У яго працах шмат каштоўнага фактычнага матэрыялу.

Тв.:

К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования. Вильна. 1897: Острожская православная школа. Киев. 1897;

Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. [СПб.], 1899;

Афиноген Крыжановский: (Из истории культурного влияния Западной Руси на Восточную в XVII в.) // Сб. статей в честь Д.​А.​Корсакова. Казань. 1913;

Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. Казань. 1914.

В.​М.​Чарапіца.

т. 16, с. 550

ХАРЛАМПО́ВІЧ Павел Васілевіч (4.2.1884, в. Рагачы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

бел. нумізмат. У 1920-х г. дырэктар Бел. дзярж. музея, чл. гісторыка-археал. і этнаграфічнай секцый Ін-та бел. культуры, выкладчык БДУ.

Тв.:

Справаздача Беларускага дзяржаўнага музея... // Асвета. 1925. № 3;

Праскія грошы ў беларускіх манетных скарбах // Гіст.-археал. зб. Мн., 1927. № 1;

Манетныя скарбы. знойдзеныя ў Беларусі, у зборах Беларускага дзяржаўнага музея // Там жа.

В.​У.​Скалабан.

т. 16, с. 551

ХА́РЛЕМ, Гарлем (Haarlem),

горад на З Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Паўн. Галандыя. 149 тыс. ж. (1993). Прыстань на канале Спарне. Цэнтр раёна таварнага кветкаводства (вырошчванне на экспарт пераважна цюльпанаў). Прам-сць: трансп. машынабудаванне, хім., парфумерная, тэкст., харчовая. Рэгулярная сетка каналаў, паркі. Музеі, у т. л. Ф.​Халса, епіскапскі. Ратуша (14—17 ст.), царква Гротэ-керк (15—16 ст.), мясныя рады (пач. 17 ст.) і інш.

т. 16, с. 551

ХАРМАТА́Н,

паўночна-ўсходні пасат, які дзьме з Сахары да Гвінейскага заліва і зах. ўзбярэжжа Афрыкі на Пд ад 20° паўн. шыраты. Бывае ў сухі перыяд года (з ліст. да сак.), часта амаль ураганны; адметны высокай сухасцю і запыленасцю. Х. можна разглядаць як зімовы афрыканскі мусон.

т. 16, с. 551

ХАРМС (сапр. Ювачоў) Данііл Іванавіч

(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш. чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—3. СПб., 2000.

т. 16, с. 551

ХАРМУ́ЗСКІ ПРАЛІ́Ў,

другая назва Армузскага праліва.

т. 16, с. 551