ХАРМС (сапр. Ювачоў) Данііл Іванавіч
(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш. чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—3. СПб., 2000.
т. 16, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)