ХАРЛА́МАЎ Іван Пятровіч (н. 4.10.1928, хутар Фядотава Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. мастак, дызайнер. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1953). З 1953 працаваў у Мінгарпраекце, з 1957 гал. архітэктар НДІбуд-ва і архітэктуры, у 1965—85 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, канструявання мэблі, афармлення інтэр’ера. Сярод работ: камплекты мэблі для 2- і 3-пакаёвых кватэр (адпаведна 1958, 1961), для кухні (1967); маст. канцэпцыя афармлення інтэр’ераў і абсталявання Міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» («Рыбацкі склеп») на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1975), Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (1976), рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1977), Уфімскага авіяц. ін-та (1979), добраўпарадкавання нас. пунктаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (1981; усе праекты ажыццёўлены ў сааўт.). Аформіў кнігі І.Елатомцавай «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» (1966), «Манументальны летапіс эпохі» (1969), «Да тайнаў творчасці» (1973), «Нарысы па гісторыі беларускай савецкай станковай скульптуры» (1974), «Станковая скульптура. Паняцце пра жанры» (1975). Аўтар жывапісных твораў («Псіхея», 1988, і інш.).