Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІЯКЛІ́МА,

гл. Плеўка жыцця.

т. 3, с. 170

БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ

(ад бія... + кліматалогія),

раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.

П.А.Каўрыга.

т. 3, с. 170

БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926).

т. 3, с. 170

БІЯЛАГІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

арганізацыя вытв. дзейнасці, якая зыходзіць з неабходнасці яе гарманічнага ўпісання ў прыродныя кругавароты рэчываў. Звычайна біялагізацыя вытворчасці дапускае прыбліжэнне вытв. дзейнасці да законаў біятычнага кругавароту, напр. пераход ад хімізацыі сельскай гаспадаркі да новых біяарган. с.-г. тэхналогій, стварэнне аграэкасістэм, якія арганічна спалучаюць антрапагенныя і прыродныя біяцэнозы.

т. 3, с. 170

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ , механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.

т. 3, с. 170

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ ІАНІЗАВА́ЛЬНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).

Літ.:

Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;

Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;

Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.

А.П.Амвросьеў.

т. 3, с. 170

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.

2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.

Я.В.Малашэвіч.

т. 3, с. 170

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ НАЗАПА́ШВАННЕ,

канцэнтраванне (назапашванне) хім. рэчываў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, радыенуклідаў і інш.) у трафічных ланцугах экасістэмы. Назапашаныя рэчывы могуць выклікаць мутагенны, тэратагенны, канцэрагенны, лятальны і інш. адмоўныя эфекты. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.

т. 3, с. 171

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,

здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.

т. 3, с. 171

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЎЗМАЦНЕ́ННЕ,

біямагніфікацыя, канцэнтраванне, назапашванне (да 10—20-кратнага) шэрагу хім. рэчываў (напр., пестыцыдаў, радыенуклідаў) у трафічных ланцугах. Некаторыя забруджвальнікі, якія не разбураюцца, назапашваюцца і біялагічна ўзмацняюцца пры праходжанні па харч. ланцугах і біял. цыклах. Аб’ядноўваючыся з інш. рэчывамі навакольнага асяроддзя, яны могуць утвараць новыя рэчывы з атрутнымі уласцівасцямі. Прадухіляецца біялагічнае ўзмацненне толькі выключэннем забруджвальнікаў з сістэмы жыццезабеспячэння. Найб. характэрна біялагічнае ўзмацненне для хлорарган. пестыцыдаў.

т. 3, с. 171